Д’АЛАМБЕ́РА—ЛАГРА́НЖА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл, што дзейнічаюць на пункты сістэмы з ідэальнымі сувязямі механічнымі, сума работ актыўных сіл і сіл інерцыі на любым магчымым перамяшчэнні сістэмы роўная нулю. Дае агульны метад рашэння задач дынамікі і статыкі, дазваляе вывучаць рух мех. сістэмы без увядзення ва ўраўненні невядомых рэакцый сувязей. Названы па імёнах Ж.Д’аламбера і Ж.Лагранжа. Гл. таксама Варыяцыйныя прынцыпы механікі.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)